24.12.2017


Вітаю вас, шаноўныя сябры,
і запрашаю прыняць удзел
у вэб-квэсце
“Зямля бацькоў - зямля святая” 
Паэма Якуба Коласа 
"НОВАЯ ЗЯМЛЯ"
Існуе меркаванне: калі і наканавана нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, беларусаў, як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме Якуба Коласа 
"Новая зямля". 
          Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.

“Новая зямля” — класічны твор беларускай паэзіі, найвялікшае яе дасягненне. У творы  знайшлі адлюстраванне старонкі асабістай біяграфіі паэта, выяўлены яго пачуцці, імкненні, ідэалы. Сам Я. Колас называў паэму аўтабіяграфічным творам. Па шырыні тэматыкі і багаццю жыццёвага зместу “Новая зямля” не мае сабе роўных у беларускай літаратуры. Гэта эпічны твор аб лёсе сялянства, аб яго шляхах да волі і шчасця. У паэме аўтар шматгранна адлюстраваў жыццё народа, яго працу, побыт, псіхалогію, прыроду. Таму “Новую зямлю” справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства канца 19 ст.
Мы з вамі яшчэ раз пагартаем старонкі твора, прыгледзімся да жыцця герояў і паразважаем над тым, які ж ён - тыповы беларус - у паэме "Новая зямля".
Вынікам работы стане стварэнне 
сумеснай газеты 
"Беларусь і беларусы ў паэме Я.Коласа "Новая зямля".
План работы
1. Выберыце для сябе адну з роляў і па гэтым прынцыпе аб’яднайцеся ў групы.
2. Уважліва азнаёмцеся з заданнямі для вашай групы.
3. Размяркуйце ролі ў групе:
дакладчык будзе выступаць ад імя групы,
дызайнер  займацца афармленнем слайда сумеснай прэзентацыі,
рэцэнзент акцэнтуе ўвагу на крытэрыях ацэнкі работы і будзе задаваць пытанні іншым групам.
4. Пасля абароны групавых работ індывідуальна неабходна будзе выканаць цэнтральнае заданне.

ЖАДАЮ ПОСПЕХУ!!!